Сяргей Монід і Аляксандр Леановіч – першыя заскавіцкія «тысячнікі»

Нагода для чарговага візіту ў ААТ «Заскавічы» была адметная. Вадзіцелі гаспадаркі Сяргей Монід і Аляксандр Леановіч перавезлі з палёў па тысячы тон збожжа новага ўраджаю. Герояў жніва віншавалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Анатолій Фурс і вакальны гурт «Суседкі» Заскавіцкага СДК.

— Нашы «тысячы» — гэта агульная перамога ўсіх работнікаў гаспадаркі, — адзначыў Сяргей Монід. — Каб было што перавозіць, трэба спачатку вырасціць ураджай, захаваць яго, абмалаціць. Таму дзякую за наш поспех і камбайнерам, і кіраўніцтву таварыства, і кожнаму работніку.

Аляксандр Леановіч дадаў, што вадзіцелі не ставяць мэты спаборнічаць паміж сабой. Працуюць добрасумленна, стараюцца вывезці ўраджай як мага хутчэй. Усе робяць агульную справу. Хаця вынікамі адзін аднаго калегі ўсё ж цікавяцца.

— Працуем на МАЗах, — паведамілі субяседнікі. — Колькасць рэйсаў на дзень залежыць ад надвор’я і ўраджайнасці на кожным полі. За раз можна вывезці да 14 тон збожжа. Значных паломак тэхнікі з пачатку жніва не было. А дробныя хутка ліквідуем самі. Тым больш што вадзіцельскі стаж у нас значны.

Як адзначыў кіраўнік гаспадаркі Яўгеній Гінцяк, жніво ў «Заскавічах» праходзіць паспяхова. Усяго на ўборачнай задзейнічана 5 камбайнавых экіпажаў. На палі тэхніка выходзіць у дзесяць гадзін раніцы (калі дазваляе надвор’е). Да гэтага часу збожжа паспявае падсохнуць. У выніку расходуецца менш паліва на зернесушыльным комплексе. Завяршаецца змена каля дзесяці вечара.

— «Заскавічы» славяцца сваёй працоўнай гісторыяй і традыцыямі. Калектыў гаспадаркі паказаў, што ён гатовы дабівацца значных поспехаў, — сказаў у час ушаноўвання перадавікоў Анатолій Фурс.

Алег Бяганскi, “Маладзечанская газета”

Фота: Аляксей Платко