Адданыя роднай зямлі

У раёне працягваецца жніво. Аграрыі працуюць з поўнай аддачай. Хуткасць уборачнай кампаніі надаюць лідэры. Лік і геаграфія мест працы «тысячнікаў» на Маладзечаншчыне пастаянна пашыраюцца.

Традыцыйна добрыя вынікі на жніве паказвае ААТ «Гарадзілава». Вось і на гэты раз тры камбайнавых экіпажа першымі ў раёне пераадолелі двухтысячны рубеж у намалоце збожжавых і зернебабовых.
Віншаванні з працоўнай перамогай на гэтым тыднi прымалі Сяргей Боган, Андрэй Юрэвіч, Юрый Арловіч, Андрэй Канапелька, Аляксандр Стэфановіч і Яўген Гнілазуб. Падзячныя пісьмы Маладзечанскага райвыканкама і каштоўныя падарункі ўручыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Анатолій Фурс. Адзначыла перадавікоў і кiраўнiцтва гаспадаркi.

– Галоўныя складнікі паспяховай уборачнай — тэхніка, тэхналогія і людзі, – сказаў дырэктар «Гарадзілава» Дзмітрый Грамовіч. – Аднак галоўнае з вышэйпералічанага – людзі. Калі чалавек любіць сваю справу, адданы роднай зямлі, ён і на працу прыходзіць з добрым настроем, і тэхніку падрыхтуе выдатна, і тэхналогію будзе выконваць бездакорна. У гаспадарцы створаны менавіта такі калектыў. Нашымі работнікамі можна ганарыцца.

Работнікі СУП «ЯхімоўшчынаАгра» Павел Базыка і яго стрыечны брат Віталій працуюць на жніве ў складзе аднаго камбайнавага экіпажа. Сёлета яны першымі ў гаспадарцы намалацілі тысячу тон збожжа.

– Жнiво гэтага года нiчым не адрозніваецца ад папярэдніх, – гаворыць Павел Рышардавіч. – Такая ж праца ад цямна да цямна, такая ж адказнасць. Працуем мы на «Палессі». Штодзённы намалот залежыць ад ураджайнасці на палях. Прыемна, што падчас змены дастаўляецца смачная гарачая ежа.
Субяседнік дадаў, што ён крыху старэйшы за брата. Абодва жывуць у Яхімоўшчыне, сябруюць. Гэта вельмi дапамагае ў працы. «Тысячнікам» Павел Базыка становіцца кожнае жніво. Пасля таго, як збожжа ўбяруць, спецыяліст будзе працаваць на кормаўборачнай тэхніцы. Сваім напарнікам і памочнікам механізатар задаволены.
Віталій Базыка па спецыяльнасці жывёлавод. Падчас жнiва ён працуе на камбайне.

“Маладзечанская газета”