Сто першы Новы год Клаўдзіі Фядотаўны. Прафсаюзы побач

Дапамагаць людзям, умець радавацца кожнаму дню, па дробязях не хвалявацца – такія жыццёвыя прынцыпы адной з найстарэйшых жыхарак нашага горада Клаўдзіі Юрэнка.

Клаўдзія Юрэнка з самымі блізкімі людзьмі: сынам Уладзімірам, дачкой Аленай, нявесткай Ірынай.Клаўдзія Юрэнка з самымі блізкімі людзьмі: сынам Уладзімірам, дачкой Аленай, нявесткай Ірынай.

45 гадоў аддала медыцыне

За адзінаццаць дзён да Новага года, 20 снежня, яна прымала віншаванні з векавым юбілеем. Прыемна, што ў гэты дзень у яе кватэру ў доме на вуліцы Багдана Хмяльніцкага з кветкамі і падарункамі завіталі не толькі сваякі, але і калегі, прадстаўнікі цэнтральнай раённай бальніцы, раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённай арганізацыі ветэранаў.

— У нас былых работнікаў не бывае! Мы памятаем пра ўсіх! – адзначыў намеснік галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва ЦРБ Іван Лужынскі, які ўручыў юбілярцы Ганаровую грамату, пажадаў здароўя і заўсёды адчуваць клопат і любоў блізкіх.

Да віншаванняў далучыўся, уручыў падарунак і Ганаровую грамату старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ЦРБ Андрэй Срэдаў.

Юбілярка прымала віншаванні ад Івана Лужынскага і Андрэя Срэдава.

Адразу два тарты з лічбай «100» упрыгожылі святочны стол юбіляркі. Адзін з іх падарыла адказны сакратар раённай арганізацыі ветэранаў Святлана Маліноўская, другі – старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва, інспектар па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Алеся Калітнік і яе калега Вольга Абрамовіч. Безумоўна, акрамя тартоў былі і кветкі, падарункі.

Такую павагу Клаўдзія Фядотаўна заслужыла добрасумленнай працай, шчырымі адносінамі да людзей. 45 гадоў яна аддала медыцыне. Яшчэ да вайны закончыла курсы медсясцёр, працавала ў Доме дзіцяці ў Полацку. Успамінае, як разам з калегамі два месяцы на фурманках, грузавіках, на пароме праз Волгу, потым на цягніку везлі дзяцей у эвакуацыю ў Чувашыю. Гэта было вельмі цяжкае выпрабаванне: малышы хварэлі, сэрца разрывалася ад трывогі за іх. У тым, што ўсім да аднаго захавалі жыццё, а пасля эвакуацыі прывезлі на радзіму, ёсць заслуга і маладзенькай медсястры Клавы. Ад холаду, голаду і трывог яна стала дрэнна сябе адчуваць, сэрца дало збой. Урач Дома дзіцяці пасля агляду толькі сумна паківала галавой, маўляў, не жылец гэта дзяўчына… Дзякуй Богу, яе прагнозы не спраўдзіліся.

Многія пацыенты з удзячнасцю ўспамінаюць медсястру фізкабінета паліклінік №1 і №2 Клаўдзію Юрэнка.

З 1954 года Клаўдзія Юрэнка жыве ў Маладзечне. Уладкавалася спачатку ў санчасць Міністэрства ўнутраных спраў, затым – у фізкабінет гарадской паліклінікі №2, якая знаходзілася на месцы цяперашняй дзіцячай стаматалогіі. Паспела папрацаваць і ў новай паліклініцы №1. Успамінае, як з калегамі адмывалі яе перад адкрыццём, як лёзамі ад брытваў адчышчалі вокны ад фарбы… Дарэчы, аднымі з першых павіншавалі Клаўдзію Фядотаўну ў дзень юбілею былыя калегі Хрысціна Яфімчык, Валянціна Міхасёнак, Валянціна Мінько. Раніцай з Гомеля патэлефанавала родная сястра Людміла Фядотаўна, таксама доўгажыхарка, якой споўніўся 91 год.

Такой Клаўдзія Фядотаўна была ў маладыя гады.

Недарэмна кажуць, што прафесія медыка – гэта не проста работа, а лад жыцця. Былая медсястра і ў свае сто гадоў памятае назубок усе віды папулярных фізіяпрацэдур: электрафарэз, дарсанваль, парафінавы каўнер і многія іншыя. Клаўдзія Фядотаўна працавала яшчэ пяць гадоў пасля пенсіі. А парады, як захаваць здароўе, чым лячыцца, дае знаёмым і сёння. Галоўнае, лічыць яна, не перагружаць свой арганізм, даваць яму адпачываць, больш рухацца, не паліць нервы па дробязях. У сваім салідным узросце доўгажыхарка сама варыць супы ды кашы, іншыя стравы. Любіць паглядзець тэлевізар, пачытаць нашу газету, якую выпісвае шмат гадоў.

Стала другой мамай

У 47 гадоў жыццё Клаўдзіі Фядотаўны крута змянілася. Яна выйшла замуж за фельчара станцыі хуткай дапамогі Аляксандра Шыгалёва. Ён прайшоў дзве вайны – фінскую і Вялікую Айчынную, працаваў фельчарам у ваенных шпіталях, быў капітанам медыцынскай службы. Пасля смерці першай жонкі Аляксандр Мікітавіч застаўся з чацвярымі дзецьмі. Старэйшая Тамара была ўжо замужам, жыла ў Рызе, Алена вучылася на другім курсе музвучылішча, Гену было 13 гадоў, Валодзю – сем.

— Так склалася, што Клаўдзію Фядотаўну я з першага дня стала называць «цёцяй Клавай», а вось мае браты і нават старэйшая Тамара — мамай. Да ўсіх нас яна ставілася роўна, у яе не было любімчыкаў. Клапацілася, падтрымлівала нас і тату, за што ўсе мы ёй вельмі ўдзячныя. У вольную хвілінку любіла пасядзець за ручной швейнай машынкай, магла і сукенку пашыць. Была ў нас і дача ў Мароськах, любілі туды ездзіць, — гаворыць адна з дачок Алена Рамашкевіч.

Дзеці выраслі вельмі дастойнымі людзьмі. Усе атрымалі вышэйшую адукацыю, сталі выдатнымі спецыялістамі. Тамара – настаўніца матэматыкі, на жаль, яна заўчасна пайшла з жыцця. Алена – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, амаль 40 гадоў працавала ў Нацыянальным акадэмічным народным хоры імя Генадзя Цітовіча, цяпер выкладае ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў. Музыкальныя здольнасці ёй перадаліся ад бацькі, які добра спяваў, асабліва любіў ваенныя песні. Генадзій жыве ў Маскве, закончыў фізічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, працаваў намеснікам галоўнага канструктара на станкабудаўнічым заводзе. Уладзімір – урач-стаматолаг Заскавіцкай амбулаторыі. Клаўдзія Фядотаўна ганарыцца, што ў вялікай сям’і акрамя яе ёсць медыкі. Прафесію стаматолага выбралі ўнучкі Марыя і Яўгенія, а праўнучка Ганна, якая жыве ў Рызе, стала правізарам. Нельга не сказаць і пра тое, што ўнучка Марыя і праўнучкі Ганна і Анастасія закончылі школу з залатымі медалямі. Усяго ў юбіляркі шасцёра ўнукаў і дзясяцера праўнукаў.

1979 год. Клаўдзія Фядотаўна, Аляксандр Мікітавіч з дзецьмі і ўнукамі.

Блізкія з вялікай павагай і ўдзячнасцю ставяцца да Клаўдзіі Фядотаўны. Яна знаходзіцца пад пастаяннай апекай малодшага сына Уладзіміра Аляксандравіча і яго жонкі Ірыны Анатольеўны. Дзеці, унукі прыязджаюць, тэлефануюць. Вось і ў гэты дзень было шмат цёплых слоў і добрых пажаданняў. А галоўныя з іх – і надалей заставацца такой жа аптымісткай, радавацца за сваіх блізкіх, з усмешкай і добрым настроем сустракаць свой 101-ы год жыцця і кожны новы дзень.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў Алены РАМАШКЕВІЧ.