Сустрэча з прафесарам Аверыным

У Маладзечанскай Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Багдановіча адбылася сустрэча з вядомым ураджэнцам горада, доктарам медыцынскіх навук, прафесарам В. І. Аверыным, прымеркаваная да Года гістарычнай памяці і Дня медыцынскага работніка.

Сустрэча з прафесарам Аверыным адбылася ў Маладзечанскай Цэнтральнай раённай бібліятэцы

Прафесар В. І.Аверын больш 40 гадоў прысвяціў дзіцячай хірургіі, ён з’яўляецца выдатнікам аховы здароўя, быў узнагароджаны тытулам “Урач года” у намінацыі “ Хірургія “ ў 2017 годзе.

Васіль Іванавіч Аверын стаў адным з герояў двух зборнікаў нарысаў і інтэрв’ю, якія выходзілі напрацягу апошніх 10 гадоў : “Дабру вечна перамагаць!” і “Верныя хірургічнай садружнасці”, створаных беларускімі журналістамі.

На сустрэчу з Васілём Аверыным прыйшлі чытачы бібліятэкі, студэнты Маладзечанскага медыцынскага каледжа імя І. В.Залуцкага, члены клуба “ Сучасніцы” і іншыя госці. Васіль Іванавіч падрыхтаваў 4 прэзентацыі пра гады свайго юнацтва, вучобу і пачатак прафесійнай дзейнасці, сваіх настаўнікаў і прафесараў – М.І Капцюха, І. Я. Савіцкага, М.К. Супешкава, а таксама пра сваю працу ў Рэспубліканскім Цэнтры дзіцячай хірургіі ў Мінску. В. І. Аверын памятае з гадоў вучобы свайго калегу, вядомага анколага Іосіфа Віктаравіча Залуцкага, імя якога сёння носіць медыцынскі каледж.

Прафесар Аверын значную частку свайго жыцця працаваў у Цэнтры дзіцячай хірургіі і на кафедры дзіцячай хірургіі. Ён распавёў слухачам пра свае супрацоўніцтва з амерыканскімі кардыёхірургамі на чале з доктарам Уільямам Новікам, а таксама супрацу з нямецкімі і польскімі калегамі. Студэнтаў і гасцей сустрэчы ўразіла дэманстраванне слайдаў з цяжкімі народжанымі паталогіямі, якія хірургам удаецца паспяхова пераадольваць. Студэнтам, якія пачынаюць цікавіцца хірургіяй, важна было даведацца, што самай доўгая аперацыя прафесара ішла 14 гадзін.

Надзвычай працавіты, сумленны чалавек, які з маладосці загартоўваў свой дух і волю працаў у будатрадах у Казахстане, Карэліі, Якуціі і іншых месцах, і сёння падтрымлівае выдатную фізічную форму і прапагандуе здаровы лад жыцця.

Падзякаваць за выратаванне сына прыйшла сям’я Шэметаў. Маленькаму немаўляці Уладыславу Шэмету Васіль Аверын зрабіў экстраную аперацыю, а сёння гэта – высокі прыгожы малады чалавек, які прыйшоў пакланіцца свайму лекару.

Ішла гаворка на сустрэчы і пра літаратурныя творы беларускіх пісьменнікаў, прысвечаныя медыкам – кнігі Івана Шамякіна, Міхаіла Герчыка і іншых аўтараў. На развітанне прагучаў верш Э. Збароўскага “Белы халат”, які акцэнтуе ўвагу на чысціні душы лекараў.

Мадэратарам сустрэчы выступіла аўтар-укладальнік зборнікаў пра медыкаў, журналістка Эла Дзвінская. Кнігі з аўтографам прафесара В. І.Аверына былі перададзены ў Цэнтральную раённую бібліятэку, медыцынскі каледж і Маладзечанскую дзіцячую бальніцу.