Трактар Fendt: кіруем пры дапамозе джойсціка

РАБОТНІК ААТ «ГАРАДЗІЛАВА» МАЛАДЗЕЧАНСКАГА РАЁНА СТАЎ АДНЫМ З ПЕРАМОЖЦАЎ АБЛАСНОГА СПАБОРНІЦТВА ЗА ДАСЯГНЕННЕ ВЫСОКІХ ВЫНІКАЎ НА ВЯСЕННІХ ПАЛЯВЫХ РАБОТАХ. ПРАВОДЗІЛАСЯ ЯНО ПА ІНІЦЫЯТЫВЕ МІНСКАГА АБКАМА ПРАФСАЮЗА РАБОТНІКАЎ АГРАПРАМЫСЛОВАГА КОМПЛЕКСУ. ПАВІНШАВАЦЬ ПЕРАДАВІКА ПРЫЕХАЎ СТАРШЫНЯ РАЙКАМА ПРАФСАЮЗА РАБОТНІКАЎ АПК УЛАДЗІМІР САЛАНЕНКА.

За апошнія чатыры гады парк тэхнікі ў ААТ «Гарадзілава» абнавіўся на 80 працэнтаў. Пры гэтым парк энерганасычанай тэхнікі абнавіўся цалкам.

На сучаснай энерганасычанай тэхніцы за змену можна скасіць траву на плошчы да 100 гектараў. На сучаснай энерганасычанай тэхніцы за змену можна скасіць траву на плошчы да 100 гектараў.

У Гарадзілава карэспандэнты «МГ» прыязджаюць часта. Прычым усе нагоды для візітаў станоўчыя. На гэты раз трэба было сустрэцца з адным з лепшых у вобласці ўдзельнікаў вясенніх палявых работ, а таксама ацаніць перадавыя тэхналогіі, якія гаспадарка прымяняе ў корманарыхтоўцы.

Героя пасяўной кампаніі Дзяніса Гнілазуба мы засталі на мехдвары. Трактарыст-машыніст займаецца адвозам зялёнай масы з поля. А нечаканы перапынак узнік з-за дажджу. У вольную хвіліну спецыяліст яшчэ раз правяраў тэхніку.

Дзяніс Гнілазуб — адзін з лідараў вясенніх палявых работ у вобласці.

Трэба адзначыць, што работнік ААТ «Гарадзілава» стаў адным з пераможцаў абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх вынікаў на вясенніх палявых работах. Праводзілася яно па ініцыятыве Мінскага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Павіншаваць перадавіка прыехаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Саланенка.

— У час пасяўной маёй задачай было культываванне глебы, — гаворыць Дзяніс Юр’евіч. – Прыемна, што мая работа высока ацэнена. Радуе і ход корманарыхтоўчай кампаніі. Увогуле, сумаваць на вёсцы няма калі. Наперадзе жніво, сяўба азімых. Галоўнае для хлебаробаў – працаваць плённа, не падводзіць сябе, сваю гаспадарку, увесь раён.

Працуе Дзяніс Гнілазуб на магутным трактары Fendt. За змену адвозіць з палёў 100-140 тон зялёнай масы. Тэхнікай механізатар задаволены, як і заработнай платай, умовамі працы.

Пра асаблівасці корманарыхтоўчай кампаніі мы папрасілі расказаць дырэктара гаспадаркі Дзмітрыя Грамовіча.

— Корманарыхтоўка вядзецца апераджальнымі тэмпамі, — паведаміў Дзмітрый Мікалаевіч. – Сёлета плануем нарыхтаваць сенажу на пяцьдзясят працэнтаў больш, чым летась. Эфектыўна працуюць інжынерная служба, іншыя спецыялісты. На адвозе зялёнай масы задзейнічана магутная тэхніка. Радуе таксама ўраджайнасць травы.

Кіраўнік гаспадаркі падкрэсліў, што поспехі ў значнай ступені дасягаюцца за кошт прымянення сучасных тэхнічных сродкаў. Так, ААТ «Гарадзілава» стала першым сельгаспрадпрыемствам у рэспубліцы, куды паступілі трактары Fendt. Сёлета плануецца пастаўка новага кормаўборачнага комплексу. У планах на наступны год — папаўненне парка збожжаўборачнай тэхнікі. У гаспадарку павінны паступіць і граблі-варушылкі. Іх вырабяць па індывідуальным заказе.

Вартасці новай сучаснай тэхнікі мы ацанілі, калі прыехалі на адну з пашаў таварыства. Там ішоў ужо другі ўкос траў.

Кіраваў магутным трактарам Fendt са спецыяльнымі прычапнымі агрэгатамі Уладзімір Свянціцкі.

— Значную частку работы выконвае камп’ютар, — гаворыць механізатар. – У кабіне вельмі камфортна. У трактары прымяняецца сістэма навігацыі, што значна павышае прадукцыйнасць працы. У выніку за змену атрымліваецца касіць траву на плошчы да 100 гектараў. Такімі тэмпамі поле будзе скошана вельмі хутка.

Тэкст: Алег БЯГАНСКІ.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

“Маладзечанская газета”