Заахвочаны лепшыя жывёлаводы ААТ «Заскавічы»

У раёне працягваецца прафсаюзная акцыя «Наш жывёлавод». Чарговым месцам яе правядзення стала адкрытае акцыянернае таварыства «Заскавічы».

Заахвочаны лепшыя жывёлаводы ААТ «Заскавічы»

Каб заахвоціць і падтрымаць людзей, якія працуюць у галіне жывёлагадоўлі і клапоцяцца аб харчовай бяспецы краіны, у гаспадарку прыехалі старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Анатолій Фурс, галоўны прававы інспектар і галоўны тэхнічны інспектар Мінскай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Андрэй Лагвінец і Аляксандр Мотуз.

На сустрэчу былі запрошаны лепшыя жывёлаводы гаспадаркі. Кожны з іх мае значныя поспехі ў працы, карыстаецца павагай у калектыве, на іх раўняюцца іншыя спецыялісты.

Прафсаюзныя заахвочванні атрымалі аператары машыннага даення Людміла Размянец, Наталля Лявончык, Алена Казей, жывёлаводы Таіса Кажан і Уладзімір Жучковіч, слесар Аляксандр Чаенка. Павіншавалі перадавікоў з працоўнымі дасягненнямі кіраўнік гаспадаркі Яўгеній Гінцяк і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Галіна Петрусенка.

Як адзначыў Аляксандр Мотуз, акцыя «Наш жывёлавод» ахоплівае ўсю Беларусь. У час яе правядзення ажыццяўляецца прафсаюзны маніторынг. Спецыялісты звяртаюць увагу на санітарна-бытавыя ўмовы на рабочых месцах, выкананне норм аховы працы, іншыя аспекты.

— Практыка паказвае, што ў некаторых гаспадарках даволі востра стаіць пытанне даплаты жывёлаводам за звышурочную работу і работу па сумяшчальніцтве, — падкрэсліў Аляксандр Васільевіч. — Пры выкананні некаторых работ фактычныя тэрміны эксплуатацыі спецадзення значна меншыя за нарматыўныя. У такім выпадку неабходна выдаваць дадатковыя камплекты. У шэрагу выпадкаў адказныя асобы атрымліваюць рэкамендацыі па паляпшэнні ўмоў і аховы працы.

Анатолій Фурс дадаў, што цеснае супрацоўніцтва раённых і абласных прафсаюзных структур дае станоўчы вынік, бо некаторыя пытанні адразу выносяцца на абласны ўзровень. Гэта дазваляе праблемы вырашаць больш аператыўна.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.