Задача – сабраць без страт і захаваць ураджай

У час жніва важнае значэнне мае кожны сельскагаспадарчы працэс. Мала без страт сабраць ураджай, трэба высушыць збожжа, давесці яго да патрэбных параметраў і захаваць. Такую задачу выконваюць работнікі зернесушыльнага комплексу ААТ «Палачаны».

Бесперабойную работу зернесушыльнага комплексу і зернескладоў ААТ «Палачаны» забяспечваюць Аляксандр Аноп, Аляксандр Усціновіч, Юрый Фалей, Сяргей Прыгодскі, Аляксандр Івашка, Алег Усціновіч.

Мы наведалі комплекс, калі масавае паступленне збожжа новага ўраджаю яшчэ не пачалося. Магутнасці былі задзейнічаны на сушцы рапсу. Абсталяванне працавала бездакорна, у гэтым спрыяла старанная падрыхтоўка тэхнікі да ўборачнай кампаніі.

— Працуе зернесушыльны комплекс на газе, — адзначыў начальнік зернескладоў Мікалай Усціновіч. – Загрузачная магутнасць комплексу складае 80 тон. Тут абслугоўваюцца ўсе віды тэхнікі, што прывозіць збожжа з палёў, нават 30-тонныя аўтамабілі. Даведзенае да кандыцыі збожжа захоўваецца ў спецыяльных баках-сховішчах. Яны разлічаны на 3600 тон.

Мікалай Лявонцьевіч паведаміў, што абслугоўваюць комплекс і склады шасцёра чалавек. Працуюць яны пазменна і забяспечваюць кругласутачную работу абсталявання. Спецыялісты кантралююць вільготнасць, тэмпературу збожжа, іншыя параметры. Людзі забяспечаны гарачымі абедамі і падвячоркамі. Ва ўзмоцненым рэжыме работнікі будуць працаваць да завяршэння ўборачнай.

— Пасля давядзення да патрэбнай кандыцыі збожжа адпраўляецца на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Такім чынам, ад работнікаў комплексу ў многім залежыць якасць прадукцыі гаспадаркі, што паступае ў лік дзяржзакупак, — падкрэсліў Мікалай Усціновіч.

“Маладзечанская газета”: Алег БЯГАНСКІ.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.